ЖО́ЎЦЕВЫЯ ПІГМЕ́НТЫ,
азоцістыя прадукты распаду гемаглабіну і інш. гемазмяшчальных рэчываў, якія ўваходзяць у склад жоўці і надаюць ёй характэрную афарбоўку. Па хім. будове — лінейныя гетэрапірольныя злучэнні з рознай колькасцю і лакалізацыяй падвойных сувязей і замяшчальнікаў. У чалавека і жывёл утвараюцца пераважна ў печані, выдзяляюцца ў выглядзе білірубіну і білівердзіну, выводзяцца з арганізма з калам і мачой. Пры некат. відах паталогіі (жаўтуха, гемалітычная хвароба нованароджаных і інш.) назапашваюцца ў асобных тканках і органах, служаць іх дыягнастычнай прыкметай.
т. 6, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)